Вось ужо больш за год Юрый Станіслававіч з Віцебска рэгулярна прыязджае да мінскага СІЗА №1. Тут ён пакідае перадачы для сваёй дачкі, гісторыя якой яшчэ нядаўна актыўна абмяркоўвалася ў СМІ. 24-гадовай Дашы Бяловай далі 12 год калоніі пасля таго, як знайшлі ў валізцы дзяўчыны — яна ляцела з-за мяжы — паўтары таблеткі экстазі. Дзяўчына раней не мела праблем з законам, вучылася на завочным у БДУ, у асноўным жыла і працавала на Кіпры. «А аднойчы вырашыла злятаць у Мінск для таго, каб уладзіць справы з дакументамі, і стала злачынцай!» — з пякоткай у голасе кажа Дашын тата.
«Я не разумею, чаму суд так жорстка нас пакараў»
— Яна злачынца ў тым, што няма мазгоў! Раз прывезла з Кіпра паўтары таблеткі, то павінна панесці пакаранне за кантрабанду. Але 12 год калоніі?! — Юрый Станіслававіч ледзь стрымлівае эмоцыі, пакуль мы стаім калі турэмных памяшканняў для перадач. Юрыю 54 гады, ён усё жыццё прапрацаваў простым будаўніком. Распавядае, што крымінальнымі навінамі ніколі асабліва не цікавіўся, але і падумаць не мог, што ў нашай краіне за паўтары таблеткі могуць даць болей, чым атрымліваюць многія забойцы. Пры любой магчымасці бацька прыязджае сюды з Віцебска, каб прывезці дачцэ садавіну, гародніну і каўбасу. Падчас кароткіх спатканняў дзяўчына скардзіцца, што турэмную баланду яе арганізм успрымае з цяжкасцю.
Гісторыя Дашы стала вядомай летась увосень. У пачатку 2016 года яна ляцела ў Беларусь з Паўночнага Кіпра. Паўтары таблеткі экстазі, што знайшлі ў валізцы, змяшчаюцца на пазногаць вялікага пальца рукі. Вага наркотыка — меней за адзін грам. Экстазі знайшлі ў багажы, дастаўку якога затрымалі.
За некалькі тыдняў да зняволення Даша паведаміла сяброўцы Жэні, што «занычкарыла» для яе экстазі, маўляў, «прыеду, палятаем» (на той момант тэлефон Дашы ўжо праслухоўвалі аператыўнікі ў межах іншай справы, не звязанай з наркотыкамі — заўвага ад «Імёнаў»), — тата Дашы пастаянна пракручвае ў галаве акалічнасці справы. — Але будаваць абвінавачванне на гэтай фразе — абсурд!
На Кіпры таблетку экстазі можна купіць за 10 еўра. Спажыўцоў у турмы не саджаюць.
Пасля затрымання Даша сама адкрыла аператыўнікам айфон, хацела паказаць свае перапіскі і даказаць, што яна не наркадылер. Але ў выніку атрымала тэрмін, нібыта кілаграмамі прадавала наркотыкі. Дзяўчыну асудзілі за кантрабанду наркотыкаў і за іх набыццё з мэтай збыту. Калі Дашы абвясцілі прысуд, ніхто з яе блізкіх не мог у гэта паверыць. Бо да інцыдэнту з валізай у аэрапорце ў дзяўчыны не было праблем з законам. Яна вучылася на завочным у БДУ. Паміж сесіямі працавала на Кіпры ў клубе. Паводле інфармацыі бацькі, Даша працавала бармэнам, каб зарабіць на навучанне і жыццё, а за некалькі тыдняў да затрымання выйшла замуж.
Мужа дашы завуць Рамадан, ён грамадзянін Англіі, у мінулым прафесійны баксёр. Мы звязваемся з ім па скайпе.
— Я працаваў кіраўніком у клубе, дзе мы з Дарынай пазнаёміліся. Дайшло да вяселля, — прыгадвае ён. Мужчына знішчае цыгарэту за цыгарэтай, седзячы перад маніторам. — Перад тым як узяць шлюб, мы праходзілі ў Турцыі сур’ёзнае медыцынскае абследаванне. Дарына марыла пра дзяцей, а мне 47 год… Праз некалькі дзён пасля вяселля даведаліся, што Дарына не можа мець дзяцей. Праз гэта ў яе была жудасная дэпрэсія. Каб забыцца, вырашылі паехаць у вандроўку па Еўропе. У Мінск жонка паляцела, каб зрабіць шэнгенскую візу.
На Кіпры таблетку экстазі можна купіць за 10 еўра шмат у якіх клубах. Спажыўцоў у турмы не садзжаюць, кажа Рамадан. Паводле яго інфармацыі, экстазі Дашы дала сяброўка з клуба. Хацела такім чынам дапамагчы пераадолець стрэс.
— Дарына патэлефанавала мне з Мінска, распавяла пра таблеткі. Яна баялася, што згублены багаж правераць і знойдуць там экстазі. Але выпраўляць памылку было ўжо позна, — працягвае Рамадан.
— Дзяржаве што больш выгадна — каб заплацілі вялікі штраф ці 12 год трымаць у калоніі гэтае дзіця? За паўтары таблеткі! — здзіўляецца і Юрый Станіслававіч. — Няма слоў проста. Няўжо нельга перавыхаваць іншым чынам? Нават дзяржабвінаваўца запытваў меншы тэрмін.
У калоніі на робу Дашы нашылі палоску зялёнага колеру. Так у нас сёння адзначаюць асуджаных за наркотыкі. Яны не маюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне і ў іх больш жорсткія ўмовы ўтрымання.
— У іх атрада асобны барак. Там 125 чалавек і толькі пяць унітазаў. Хто першы паспеў у сарцір — добра. Хто не паспеў — чакайце, — распавядае пра ўмовы Юрый Станіслававіч.
Прыкладна ў той жа час, калі Бяловай абвяшчалі прысуд аб 12 гадах пазбаўлення волі, кандыдат юрыдычных навук Вольга Савіч абараняла іншага абвінавачванага па падобнай справе. Вага канфіскаваных наркотыкаў у падабароннага складала каля двух кілаграмаў (у 200 разоў болей, чым у Дар'і Бяловай). Да таго ж, мужчына — раней судзімы. Але ён атрымаў значна меншы тэрмін — 8,5 гадоў пазбаўлення волі.
— Бялова цалкам прызналася, што вінаватая ў кантрабандзе і захоўванні забароненага рэчыва для асабістага ўжывання. Лічу, што ёй можна было прызначыць не больш за пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Згадзіцеся, гэта таксама дастаткова жорсткае пакаранне, — лічыць адвакат Вольга Савіч.
Юрый Бялоў і Рамадан працягваюць змагацца за перагляд прысуду. Мінгарсуд пакінуў яго ў сіле. Месяц таму сваякі падалі скаргу ў Вярхоўны суд, але яна яшчэ не разглядалася. Пасля таго, як Дашу затрымалі, жыццё бацькі пераўтварылася ў бясконцую барацьбу, што спусташае нервы і бюджэт сям’і. Толькі першы суд абышоўся ў 10 тысяч даляраў.
— Я не разумею, чаму беларускі суд так жорстка нас пакараў, — са скрухай кажа Рамадан. — Дарына — цудоўны чалавек і не заслугоўвае такога. Яна не губляе веру, у лістах заўсёды кажа пра каханне. Спадзяецца, што гэта ўсё — жахлівы сон, які хутка скончыцца, верыць, што калі-небудзь у нас будуць дзеці. Але маё здароўе не вытрымае яшчэ 12 гадоў.
Дэпутат: «Мы зрабілі заканадаўства жорсткім, таму што для нас наркадзялкі і распаўсюджвальнікі, у першую чаргу, — гэта забойцы»
— Вельмі часта беларускія чыноўнікі ставяць у прыклад Кітай. Там за нарказлачынствы нібыта прадугледжана смяротнае пакаранне. Мы вывучалі кітайскае заканадаўства. Высветлілася, што смяротнае пакаранне магчымае толькі для буйных наркагандляроў у выключных выпадках. Павінны быць сур’ёзны аб’ём наркотыкаў і асаблівыя абставіны, напрыклад, напад на паліцэйскіх, — кажа Ларыса Жыгар з Гродна, якая пасля пасадкі ў турму яе 18-гадовага сына за распаўсюд некалькіх грамаў канопляў на цэлых 10 год, заснавала «Мацярынскі рух 328». 328 — нумар артыкула ў Крымінальным кодэксе, па якім судзяць за нарказлачынствы. Сёння гэтая арганізацыя аб’ядноўвае сваякоў, асуджаных за наркотыкі.
— Тэрміны пазбаўлення волі там даюцца ў залежнасці ад вагі наркотыкаў. Скажам, за кантрабанду гераіну, вага якога складае меней за 10 грамаў, у Кітаі могуць даць максімум тры гады пазбаўлення волі, — працягвае Ларыса. — А ў нас нават грам любога наркотыку трактуюць як распаўсюд. І тэрміны даюцца, як правіла, у некалькі разоў большыя, чым у Кітаі.
Паводле афіцыйных дадзеных, за 2015 і 2016 год у Беларусі за нарказлачынствы ў турмы пасадзілі каля васьмі тысяч чалавек. Для параўнання, у 2011 і 2013 гадах было асуджана пяць тысяч. Такі скачок «пасадак» здарыўся пасля таго, як у 2014 годзе прэзідэнт падпісаў антынаркатычны Дэктэр №6, які, як планавалася, абароніць краіну ад нашэсця спайсаў.
На той час, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў гэты дакумент, у нарказалежнасць насамрэч былі ўцягнутыя сотні тысяч чалавек. У кулуарных размовах з журналістамі праваахоўнікі з наркакантролю называлі лічбу ў 200 тысяч. І гэта пры тым, што залежнасць ад «спайсаў» тады афіцыйна нават не ўлічвалася, а хворых людзей магло быць значна больш. У нейкі момант міліцыя перастала хаваць інфармацыю пра смерці з-за «спайсаў», а СМІ рэгулярна пісалі пра шакуючыя наступствы ўжывання псіхатропаў, якія доўгі час легальна прадаваліся пад выглядам сумесяў для курэння. Шмат хто добра памятае, як, напрыклад, у пачатку 2014-га года ў пасёлку Прывольны пад Мінскам з-за спайсаў загінуў стрыечны брат знакамітых беларускіх гандбалістаў — братоў Рутэнкаў. Пакурыўшы псіхатропнай травы, хлопец кінуўся ў зачыненае вакно, парэзаўся аб шкло і сцёк крывёй.
Мы не кажам, што нашы дзеці цалкам невінаватыя. Але пакаранне павінна быць сувымерным злачынству.
Змагацца з усім гэтым было складана. Як толькі дзяржава нешта забараняла, у Беларусь увозілі рэчывы з іншымі формуламі. Дылеры зноў беспакаранна прадавалі новыя парашкі і міксы па некалькі месяцаў. Людзі працягвалі паміраць і трапляць у залежнасць. Дэкрэт №6 дазволіў у лічаныя дні забараняць любы новы псіхатроп. Неўзабаве пасля гэтага больш жорсткім зрабілі і Крымінальны кодэкс. Адказнасць за распаўсюд ўсталявалі з 14 гадоў, а максімальныя тэрміны за збыт павялічылі да 25 гадоў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі быў тым самым чалавекам, які давёў праблему са спайсамі да прэзідэнта, у выніку чаго дэкрэт №6 і з’явіўся.
— Змены ў заканадаўстве — гэта быў прагрэсіўны крок наперад, — прыгадвае Дзевятоўскі. — Сёння праблема застаецца, але яна не такая крытычная, як тры-чатыры гады таму. Хвалю, што выкошвала нашую моладзь, атрымалася спыніць. Мы рабілі заканадаўства жорсткім, таму што для нас наркадзялкі і распаўсюджвальнікі, у першую чаргу, — гэта забойцы.
У той жа час мы «імкнемся да прававой дзяржавы і лёс кожнага чалавека павінен быць у прыярытэце», адзначыў у размове з «Імёнамі» Дзевятоўскі: «Вельмі важна, каб следства і суд былі аб’ектыўнымі».
Але многія сваякі асуджаных лічаць, што пасля змены законаў па наркотыках следчыя атрымалі карт-бланш на пасадку ў калоніі як мага большай колькасці людзей. Гэтыя змены, паводле іх меркавання, абярнуліся катастрофай ужо для іншай моладзі. Бо барацьба з наркотыкамі шмат дзе перарасла ў барацьбу са спажыўцамі. Шмат каго сталі судзіць і адпраўляць у турмы як наркадылераў.
Цяпер разам з пасадкамі расце і колькасць тых, хто ўступае ў «Мацярынскі рух 328» і занепакоены сумнеўнымі прысудамі ў адносінах да сваіх блізкіх. Сёння рух налічвае каля 450 чалавек.
— Падзяліўся паловай таблеткі з сябрам, атрымліваецца, распаўсюдзіў. Не важна, што размова ідзе пра палову грама, а не пра тону, — тлумачыць Ларыса Жыгар. — Мы не кажам, што нашы дзеці цалкам невінаватыя. Але пакаранне павінна быць сувымерным злачынству. Нельга даваць аднолькавы тэрмін таму, хто пачаставаў сябра, і таму, хто прадае наркотыкі партыямі. Мой 18-гадовы сын атрымаў 10 год за распаўсюджванне. Ён быў у кампаніі і меў пры сабе 0,8 грама! А пра рэальнага дылера, які прадаў ім наркотыкі, у матэрыялах сравы напісалі «нявызначаная асоба».
«Мацеры» разам з праваабаронцамі прааналізавалі ўжо дзясяткі спраў і ўбачылі: вельмі часта суды прызнавалі распаўсюджваннем нават збыт псіхатропаў «у нявызначаным месцы ў нявызначаны час нявызначанай асобе». А прэзідэнцкі дэкрэт №6, што першапачаткова быў накіраваны супраць буйных верхаводаў наркабізнэсу, прывёў да таго, што ў турмы пачала трапляць моладзь 14-25 гадоў з нязначнымі аб’ёмамі, канстатуе Ларыса Жыгар.
«У турму падлетка? На дзевяць год? Якім ён выйдзе?»
Таццяна і яе маленькі сын Гера разглядваюць карцінкі на сцяне пакоя ў звычайным брэсцкім шматпавярховіку. Таццяна працуе на мэблевай вытворчасці і разам з мужам выхоўвае траіх дзяцей. Акрамя маленькага Геры і дарослай дачкі Тані яшчэ два гады таму тут жыў Стас. У сваёй кватэры хлопец не быў ужо два гады. Калі Стасу, старэйшаму сыну Таццяны, было 16, яго затрымалі за распаўсюд спайсаў і пасадзілі ў калонію на дзевяць гадоў. Хлопец адбывае пакаранне ўжо каля двух гадоў.
Падчас нашай размовы Таццяна пастаянна зрываецца на слёзы. Кажа пра тое, што проста недапушчальна садзіць падлеткаў на такія тэрміны, і зачытвае вершы, што сын піша ў калоніі:
— И вот сейчас болен рэпом, ломаю стены куплетом
И даже после осечки, я всё равно буду первым!
Строка потянется дальше, и смысл будет утрачен…
Не надо только смеяться, ЗДЕСЬ даже клоуны плачут.....
На волі Стас ня быў выдатнікам, вучыўся слаба. Калі патрапіў у калонію, то паступіў на дыстанцыйнае навучанне ў Мінскі інавацыйны ўніверсітэт. Аднойчы сына нават паказвалі па тэлебачанні, бралі інтэрвью ў сюжэце пра калонію. Але ўсё гэта не нагода для радасці. Жанчына доўгі час спрабуе разабрацца ў тым, за што ж пасадзілі яе Стаса. Пабывала ў судах усіх інстанцый. Уздоўж і ўпоперак вывучыла крымінальную справу. Але, кажа, так і не зразумела, у чым ён вінаваты.
Паводле меркавання следства і суда, у лістападзе 2016 года са Стасам па тэлефоне звязаўся яго знаёмы і папрасіў прадаць наркотыкі. Хоць, слухаючы гэтую размову ў кабінеце следчага, Таццяна не пачула ні слова пра наркотыкі, спайсы ці міксы. У размове ёсць толькі той факт, што «дылер» называе нумар электроннага гаманца, куды трэба пералічыць грошы. Паводле версіі следства, калі Стас атрымаў пацверджанне пра аплату, то пад’ехаў да брэсцкага ЦУМа і перадаў «спайс» свайму таварышу. Пакупніка, у сваю чаргу, з наркотыкамі затрымалі праваахоўнікі.
Аднак маму насцярожвае тое, што самога Стаса затрымалі толькі праз пяць месяцаў пасля апісанага выпадку — ў красавіку 2015-га.
Пры гэтым ні падчас затрымання, ні пасля ў яго дома, ні ўвогуле дзе-небудзь у юнака наркотыкаў не знайшлі.
— Калі менавіта мой сын перадаваў «спайс», чаму міліцыя не затрымала яго на месцы злачынства? Таксама сведкі не пацвердзілі факт перадачы “спайса”, — здзіўляецца мама асуджанага. — Ніякіх рэчываў падчас вобшуку знойдзена не было. Нічога не знайшлі і дома. Я не магу сцвярджаць, што мой сын не вінаваты зусім. Але каб асудзіць дзіця на дзевяць год, павінны ж быць жалезныя доказы!
Нядаўна ў Брэсце адмянілі прысуд у адносінах да 15-гадовага падлетка. Раней хлопчык атрымаў восем з паловай гадоў за збыт наркотыкаў. Але ў выніку абвінавачванне перакваліфікавалі на частку 1 (захоўванне без мэты збыту). Хлопца выпусцілі на волю ў зале суда. У выпадку са Стасам сям’я дайшла да Вярхоўнага суда, але ніводную з касацыйных скаргаў не задаволілі.
Таццяна з жудасцю думае пра тое, што так і не зможа дамагчыся перагляду справы, і яе Стас прасядзіць у турме яшчэ цэлых сем гадоў. Самым сапраўдным крымінальнікам з паламаным жыццём. Таму што лепшыя гады ў турме — гэта фактычна зламаная псіхіка, лічыць маці Стаса.
— На адным з разглядаў — гэта было на абласным судзе — прысуд таксама пакінулі без зменаў. Суддзя ў пачатку працэса здзівілася: «Дык што, ён непаўналетні?» — плача Таццяна. – Аб якім азнаямленні з матэрыяламі можа ісці размова! І гэта чалавек, які вырашае лёсы. Няўжо суддзі не задумваюцца пра тое, што могуць знявечыць чыесьці лёсы. І нават калі нейкае дзіця вінаватае, няўжо такі доўгі тэрмін выправіць яго і зробіць паўнавартасным членам грамадства?!
Што далей?
З тым, што праблема не вырашаная і «пасадкі» на сур’ёзныя тэрміны не дапамагаюць, сёння згодныя і прадстаўнікі парламента, сказана ў надаўнім рэпартажы ТUT.BY з круглага стала, дзе сустракаліся дэпутаты і бацькі асуджаных.
— Яны злавілі маладога чалавека з нязначнай дозай — і адразу саджаюць у турму на восем год. А , напэўна, для залежных павінна быць так: злавілі, прыстрашылі, пасадзілі ненадоўга ці далі ўмоўны тэрмін — і сачыце за ім, — выказаўся загадчык аддзела па забеспячэнні дзейнасці парламенцкай камісіі па заканадаўстве Ігар Лапека.
У канцы лютага дэпутаты абмеркавалі праблемы заканадаўства з урадам. Бацькі асуджаных чакаюць, што ўжо на вясновай сесіі ў Палаце прадстаўнікоў прымуць рашэнне знізіць тэрміны. Каб такіх пакаранняў, як, напрыклад, у Дашы Бяловай ці Стаса Дудзіка, не было. Не трэба іх змяняць толькі для буйных наркагандляроў.
Аднак нават для таго, каб прапановы «мацярэй» ўлічылі, патрэбная воля ключавых структур, лічаць праваабаронцы. А, напрыклад, у МУС пакуль не падтрымліваюць ініцыятыву аб зніжэнні тэрмінаў.